«Прастора, у якой ня трэба апраўдвацца»: Яна Вольская пра тое, як беларуская мова робіцца правілам, а не выключэннем

Пісьменніца і публіцыстка Яна Вольская разважае пра важны зрух, які адбыўся ў свядомасці часткі беларусаў у тым, што датычыць іх стаўлення да беларускай мовы.

Што адбылося?

У адной варшаўскай Facebook-суполцы беларуская мова раптам стала прычынай скандалу. Уладальнік групы «Беларусы ў Варшаве» пастанавіў: ад цяпер абвесткі будуць публікавацца толькі па-беларуску. Камэнтары можна пакідаць на любой мове.

Здавалася б, што тут такога?

Прыватная суполка зьмяніла ўласныя правілы. Ніхто не забараняе расейскую мову, ніхто не патрабуе ад удзельнікаў пераходзіць на беларускую ў асабістым жыцьці. Проста ў адной канкрэтнай прасторы вырашылі аддаць перавагу беларускай.

І менавіта гэта аказалася для некаторых праблемай.

Bielarusy-Warszawy.pngСкрыншот допісу ў суполцы ў Фэйсбуку "Беларусы ў Варшаве"

«Беларусы ў Варшаве» — суполка ня новая. Яна ўзьнікла яшчэ ў 2010-х як невялікая эмігранцкая пляцоўка для вельмі практычных рэчаў: легалізацыі, пошуку спэцыялістаў, карысных адрэсаў, перадачы рэчаў у Беларусь і зь Беларусі, абвестак пра мерапрыемствы. У апісаньні суполкі і цяпер ёсьць простая прапанова: можна запрасіць адно аднаго на гарбатку, нешта перадаць, папросту паразмаўляць.

Пасьля 2020 году ўсё зьмянілася. Суполка вырасла да больш як 28 тысячаў удзельнікаў і стала часткай новай хвалі беларускай эміграцыі. Тут ужо ня толькі шукалі юрыстаў, дакумэнты ці кватэры. Тут шукалі людзей. Дзяліліся досьведам, дапамагалі з адаптацыяй, знаёміліся, падтрымлівалі.

Маленькае, але прынцыповае правіла і рэакцыя на яго

І вось у гэтай вялікай беларускай прасторы зьявілася маленькае, але прынцыповае правіла: пішы па-беларуску.

Рэакцыя была прадказальная — і адначасова вельмі паказальная.

Знайшліся ўдзельнікі, якія выступілі супраць. Навошта, маўляў, навязваць мову ў прыватнай групе? Чаму чалавек, які мае карысную інфармацыю для іншых беларусаў, ня можа напісаць яе па-расейску? Некаторыя пайшлі далей і прапанавалі абмеркаваць нават зьмену кіраўніцтва суполкі, якое, на іх думку, занадта радыкальна падыходзіць да моўнага пытаньня.

Але цікавае тут ня столькі само абурэньне, колькі тое, што адбылося ў адказ.

Іншыя ўдзельнікі не пагадзіліся. Яны нагадалі, што гэта прыватная суполка і яе ўладальнік мае права ўсталёўваць уласныя правілы. Не падабаецца — можна ня ўдзельнічаць. Можна шукаць іншую супольнасьць. Можна ствараць сваю.

Але істотна нават ня гэта.

Для кагосьці беларускамоўныя абвесткі — гэта магчымасьць нарэшце папрактыкаваць беларускую мову. У эміграцыі, дзе беларусы жывуць у польскамоўным асяродку і нярэдка працягваюць размаўляць паміж сабой па-расейску, такая магчымасьць не выглядае як дробязь.

Для некаторых гэта ўжо пытаньне прынцыпу.

Чаму беларуская супольнасьць за мяжой павінна абавязкова захоўваць той самы моўны сцэнар, да якога беларусы прызвычаіліся ў Беларусі? Чаму расейская мова павінная аўтаматычна лічыцца нейтральнай, натуральнай і той, якая не патрабуе аніякіх тлумачэньняў, а беларуская, наадварот, павінная кожны раз абгрунтоўваць сваё права прысутнічаць? 

Гэта, бадай, і ёсьць галоўны зрух, які можна ўбачыць у гэтай гісторыі. Беларусы ўсё часьцей хочуць ня проста бачыць беларускую мову як сымбаль. Яны хочуць мець мейсца, дзе зь ёй можна жыць.

Ня вывучаць яе дзеля экзамэну. Не ўзгадваць падчас асобных нацыянальных сьвятаў. Не казаць пра тое, што «трэба было б больш размаўляць па-беларуску». А проста адкрыць Facebook і напісаць абвестку.


Малюнак Андруся Такінданга

Зразумела, моўныя звычкі нельга пераключыць адным рашэньнем адміністратара. Чалавек можа любіць Беларусь, падтрымліваць беларускую культуру і пры гэтым усё жыцьцё размаўляць па-расейску.

Але ёсьць і іншы бок.

З таго, што беларуская мова павінная быць даступнай для ўсіх, зусім не вынікае, што ўсе беларускія прасторы павінныя быць аднолькавымі.

Нехта хоча суполку, дзе можна пісаць як яму зручна. Нехта хоча беларускамоўную суполку. Нехта створыць польскамоўную. Нехта будзе пераходзіць з адной у іншую. У гэтым і ёсьць нармальная свабода прыватнай супольнасьці.

Пра што насамрэч гісторыя

Гісторыя «Беларусаў у Варшаве» насамрэч не пра тое, ці можна чалавеку напісаць пост па-расейску.

Можна.

Пытаньне ў іншым: ці маюць беларусы права стварыць вакол сябе прастору, дзе беларускай мове ня трэба кожны раз прасіць дазволу на існаваньне?   

Здаецца, усё больш беларусаў адказваюць на гэтае пытаньне: так.

І, магчыма, менавіта гэта найбольш раздражняе тых, хто прызвычаіўся да іншага парадку рэчаў.

Бо раней беларуская мова часта мусіла даказваць, што яна ня будзе перашкаджаць. Што яна нікога не прымушае. Што яна ня супраць расейскай. Што можна і так, і гэтак. Што давайце без радыкалізму.

padziaka-04.jpg
Малюнак Андруся Такінданга

Цяпер частка беларусаў хоча іншага.

Не выціскаць расейскую мову. Не забараняць яе. Не прымушаць кагосьці рабіцца беларускамоўным.

Проста пакінуць сабе кавалак прасторы, у якой беларускай мове ня трэба апраўдвацца.

У Варшаве гэта ўсяго толькі Facebook-група.

Але часам менавіта з такіх дробных рэчаў і пачынаюцца вялікія зьмены. Бо мова вяртаецца не тады, калі пра яе прыгожа гавораць.

Мова вяртаецца тады, калі на ёй проста пачынаюць размаўляць.

Яна Вольская, Budzma.org