Замест прасторнай майстэрні працоўным месцам мастака Антона Радзівонава стала звычайная кухня ў здымнай кватэры ў Варшаве. Але эміграцыя не спыніла творчасць: яна трансфармавала яе, дадала новых сэнсаў і адкрыла мастаку перыяд «вымушанай свабоды». Ён працуе пераважна ў жанры алейнага жывапісу і запамінаецца высокай дэталізацыяй у працах. Яго вядомыя серыі — «Птушкі з народам», якая з’явілася як рэакцыя на падзеі 2020 года, і «Доўгае падарожжа», у якой адбіўся досвед эміграцыі і пераасэнсавання ўласнай ідэнтычнасці — да 10 кастрычніка экспануюцца ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы. У размове з «Будзьма беларусамі!» Антон Радзівонаў расказаў пра начныя падарожжы з пэндзлем, птушак як сімвал беларускай рэчаіснасці і нечаканыя адкрыцці на Падляшшы.
Мастак Антон Радзівонаў падчас адкрыцця выставы «На хвалях жыцця». Крыніца: Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы
Сёння ў мастака Антона Радзівонава няма ўласнай майстэрні. Яго працоўная прастора — гэта здымная варшаўская кватэра, дзе жыве яго сям’я і дзе зусім нядаўна з’явілася на свет другая дачка. У такой сітуацыі — мастацтвам даводзіцца займацца пад покрывам ночы:
— Калі ўсе спяць і ніхто не замінае, я пачынаю сваю творчую міграцыю па кватэры. Увечары бяру свае працоўныя рэчы, пераношу іх на кухню, усё раскладаю і малюю, а раніцай — бягу і хуценька ўсё збіраю, каб не перашкаджаць гатаваць сняданак. І не такое бывае, калі творчыя памкненні сутыкаюцца з эміграцыяй! Увогуле самы шчаслівы перыяд у мяне быў у Мінску ў 2021 годзе: тады я не працаваў ні на якую фірму, быў сябрам Саюза мастакоў і меў сваю майстэрню. Прыязджаў туды на ровары, як на працу, да самага вечара пісаў карціны, а ў аўторак і чацвер хадзіў на тайскі бокс. Зараз жыццё трохі іншае.

Карціна Антона Радзівонава «Вясна на сэрцы». Палатно, алей, 90×90 см. 2020 год
Творчасць для Антона — жыццёвая неабходнасць, якая ідзе з ім поплеч з самых ранніх гадоў. Пра тое, калі ўсё пачалося, Антон згадвае так:
— Я маляваў з дзяцінства. Усе ж дзеці малююць, але хтосьці гэта кідае, а вось я — не кінуў. Маці аддала мяне ў Палац дзяцей і моладзі на навучанне кераміцы. У 1996 годзе настаўніца майго кірунку з’ехала ў Польшчу — і вось тады я перайшоў на маляванне. З тых часоў яно мяне і захапіла. Калі часам я раблю сабе сапраўдны выходны і нічога не раблю, пачынаецца своеасаблівая «ломка» — трэба тэрмінова нешта рабіць, маляваць.
Маляванне для мяне — гэта тое ж, што і дыхаць паветрам: я з тых людзей, хто фізічна мае ў гэтым патрэбу.
Антон Радзівонаў не планаваў з’язджаць з радзімы, бо заўсёды лічыў: дабрабыт трэба будаваць у сваёй краіне. Аднак у 2022 годзе, калі да яго дабраліся сілавікі, давялося ратавацца. Адным з успамінаў пра Беларусь і беларускую рэчаіснасць для Антона з’яўляецца вобраз птушкі:
— Птушкі — гэта такія істоты... Яны людзей нагадваюць. Я іх вельмі люблю з самага дзяцінства. Мая тэматычная серыя з птушкамі пачалася пасля затрымання 15 лістапада 2020 года. Я тады моцна перахварэў на кавід, ляжаў у бальніцы — мне далі не суткі, а штраф. Тады я вырашыў аднавіцца, некаторы час не хадзіць на акцыі, а маляваць карціны. Так у снежні з’явілася першая праца — зімародак з бел-чырвона-белай стужкай. Потым быў чырвоны гіль на белым снезе з рабінамі, якога на аўкцыёне набыла адвакатка Ганна Маціеўская, былі сінічкі са сцягамі і шпак у вясновых кветках. Сёння мае карціны ў асноўным купляюць палякі, бо ў іх ёсць сродкі і стабільнасць, аднак і беларусы з дыяспары таксама цікавяцца — напэўна, яны таксама бачаць у іх нешта беларускае.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці рэлакацыі, пра пераезд Антон не шкадуе. Больш за тое, ён лічыць, што гэты крок даў яму магчымасць для развіцця:
— З’язджаць з краіны было маральна балюча, але цяпер я разумею, што ўсё зрабіў правільна. У Польшчы за гэты час я моцна вырас у плане майстэрства. Я не згінаюся пад цяжарам абставін, працягваю працаваць, нягледзячы ні на што, і шчыра адчуваю сябе шчаслівым. Варшава стала для мяне роднай, тут шмат чалавечнага і цёплага. Тут я магу выказвацца, маляваць усё што заўгодна, не азіраючыся на тое, што мне за гэта «прыляціць».
Я адчуваю сябе вольным чалавекам — а творчасць нараджаецца там, дзе ёсць свабода. Многія з нас тут трапілі ў перыяд вымушанай свабоды.
Першыя гады ў эміграцыі рэдка бываюць простымі. Да пераходу ў IT, а таксама да таго, як карціны Антона пачалі набываць у Польшчы, мастак паспеў папрацаваць на рэстаўрацыі і нават папрыбіраць польскі снег. Але менавіта гэты вымушаны досвед і падарожжы па краіне сталі трыгерам для новых творчых адкрыццяў.
Антон Радзівонаў з карцінай «Polskie Morze» («Польскае мора»). Палатно, алей, 120×100 см. 2026 год. Асабісты архіў героя
— Жыццё бывае рознае, і ўсе моманты ў ім па-свойму важныя. Быў час, калі я адаптоўваўся да новай рэчаіснасці і працаваў на прыбіранні снегу — і нават тады ў душы ўзнікалі нейкія новыя эмоцыі. А вось рэстаўрацыя на варшаўскіх могілках Павонзкі натхніла мяне на гатычныя серыі — там мяне моцна ўразіў надгробак Баляслава Пруса ў выглядзе егіпецкай піраміды. А праца ў Сілезіі пад Уроцлавам падаравала краявіды гор і лясоў, пасля якіх я напісаў карабель з ліхтарамі, што ляціць у паветры. Я пазнаю новую краіну — і яна ў адказ натхняе мяне.
Асобнай і вельмі важнай старонкай у польскім жыцці мастака стала знаёмства з карэннымі беларусамі Падляшша, якія ўразілі яго сваім стаўленнем да беларускага мастацтва і беларускіх мастакоў:
— У жніўні ў мяне адкрылася персанальная выстава ў Гайнаўцы. Я ехаў туды з Беластока на ровары цэлых 60 кіламетраў праз лес і вёскі, глядзеў на мясцовыя цэрквы, і на нейкім скрыжаванні да мяне пад’ехаў дзядуля. Калі ён пачуў, што я беларус з Беларусі, ён вельмі здзівіўся і адказаў па-польску, што ён таксама беларус. На самой выставе мяне моцна ўразіла стаўленне мясцовых. Я параўноўваў яго з некаторымі нашымі інстытуцыямі, што эмігравалі пасля 2020 года і набраліся гэтага — што ты ўвесь час адчуваеш, што нечым абавязаны арганізатарам. А ў Гайнаўцы мне, наадварот, дзякавалі за тое, што я паказваю ім свае творы — тое, што я пісаў у Беларусі і ў Польшчы. Арганізатары выдалі каталог, прыехалі за маімі працамі і зрабілі шыкоўную экспазіцыю больш чым на 37 карцін.
Гэта пакуль мая лепшая выстава, з якой звязаныя толькі цёплыя эмоцыі. Мясцовыя беларусы шчыра ганарацца сваімі каранямі, яны гэтым літаральна апякуюцца, чаго часта так бракуе нам самім у Беларусі.
Стаўленне да ўласных твораў у Антона асаблівае. Для яго мастацтва ніколі не было выключна камерцыйным праектам, а кожнае палатно нясе ў сабе гісторыю пэўнага перыяду жыцця. Развітанне з некаторымі карцінамі даецца эмацыйна цяжка, асабліва калі яны шчыльна звязаныя з драматычнымі падзеямі на радзіме:

Адкрыццё выставы «На хвалях жыцця». Крыніца: Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы
— Прадаваць карціны — гэта не заўсёды тое, што прыносіць задавальненне. Грошы для творцы — не мэта, а сродак. Першапачаткова я ствараю тое, што хачу сам, а не тое, што гарантавана прадасца. Бываюць моманты, калі з карцінай зусім не хочацца расставацца, бо яна — як тваё дзіцё. Той жа «Птушыны горад» я пісаў менавіта тады, калі ішлі актыўныя мітынгі 2020 года, і для мяне гэта вельмі важная жыццёвая кропка. І не хочацца развітвацца з тым, што было натхнёнае тым часам. Пры гэтым я вельмі крытычны да сябе: гляджу на працы, створаныя год ці пару месяцаў таму, і разумею, што зараз зрабіў бы ў тысячу разоў лепей.
Нягледзячы на ўсе выклікі эміграцыі, начныя змены на варшаўскай кухні і тугу па доме, Антон Радзівонаў працягвае ствараць свой уласны свет на палатне. Яго гісторыя — прыклад таго, як вымушаная рэлакацыя можа стаць не толькі выпрабаваннем, але і кропкай прафесійнага росту. Галоўнае — не спыняцца і памятаць свае карані, дзе б ты ні апынуўся. А птушкі на яго карцінах працягваюць свой палёт — як сімвал надзеі на тое, што аднойчы яны абавязкова вернуцца дадому.
Выстава «На хвалях жыцця». Крыніца: Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы
Пабачыць гэты палёт нажыва, а таксама паглыбіцца ў іншыя светы мастака можна на яго персанальнай выставе «На хвалях жыцця» («Na falach życia»). Выстава працуе да 10 кастрычніка 2026 года ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы (Muzeum i Ośrodek Kultury Białoruskiej w Hajnówce). Адрас: ul. 3 Maja 42, Hajnówka.
А. П., Budzma.org