Абмеркаванне аранжыровак у анлайне і рэпетыцыі паміж дзвюма краінамі — Нідэрландамі і Польшчай: у такіх новых для сябе рэаліях рыхтуецца да вяртання на сцэну фолк-рок-гурт UNIA. 24 верасня разам з Kurwadziki і Chaču Mroić гурт UNIA выступіць на пляцоўцы VooDoo Club у Варшаве. Напярэдадні канцэрта ў размове з «Будзьма беларусамі» вакалісткі гурта — Дар’я Цыбульская і Аляксандра Галкоўская — расказалі, чаму калектыў вырашыў сабрацца менавіта цяпер, як эміграцыя паўплывала на іх адчуванне родных каранёў і чым UNIA збіраецца здзіўляць сваю аўдыторыю.
Дар’я Цыбульская і Аляксандра Галкоўская. Фотаздымак з Facebook-старонкі гурта UNIA
— UNIA была на працяглай канцэртнай паўзе. Што мусіла адбыцца ў жыцці гурта ці вакол яго, каб зноў узнікла імкненне сабрацца і анансаваць выступ у Варшаве?
Дар’я: За апошнія гады шмат чаго змянілася ў нашым жыцці, але менавіта для гэтага канцэрта нейкага штучнага штуршка ці надзвычайнай падзеі не было — усё проста натуральна супала ў адной кропцы, мы зразумелі, што цяпер прыйшоў час ладзіць канцэрт. Ідэя належала нашаму басісту — напрыканцы мінулага года ён патэлефанаваў з пытаннем: «А чаму б нам не зрабіць канцэрт?» І мы вырашылі рабіць! Абралі месцам правядзення Варшаву — тут шмат нашых слухачоў-беларусаў, з якімі мы даўно хацелі пабачыцца.
Аляксандра: Варшава — відавочны выбар, бо там знаходзіцца большая частка нашага складу і ўсе нашыя сябры. Сёння Варшава — вельмі беларускае месца, тут шмат беларусаў. Нядаўна мы збіраліся ў Варшаве на некалькі дзён і вельмі прадуктыўна папрацавалі. Але шмат чаго робіцца самастойна і анлайн. Таму сёння жаданне сустрэцца і граць разам пераважвае адлегласці.
— Такі падзел межамі, напэўна, патрабуе зусім іншага ўзроўню самадысцыпліны. Як сёння, ва ўмовах эміграцыі і раскіданасці па краінах, выглядае стварэнне музыкі і падрыхтоўка да выступу?

Дар’я Цыбульская. Фотаздымак з Instagram-старонкі гурта UNIA
Дар’я: Так, апошнія некалькі гадоў я жыву ў Нідэрландах, у той час як большасць удзельнікаў — у Польшчы. Гэта, безумоўна, складаней, чым у ранейшыя часы. Мы больш не можам проста спантанна сабрацца сярод тыдня на рэпетыцыю, таму даводзіцца вельмі дакладна планаваць свой час і дастасоўваць графікі. Але ў гэтым ёсць і відавочны плюс: такі фармат вучыць сур’ёзнаму стаўленню да справы. Калі рэпетыцыя прызначаная, ты максімальна і адказна да яе рыхтуешся. Мы пакуль толькі вучымся існаваць у такой новай рэальнасці, але ўсё атрымліваецца.
Аляксандра: Не так даўно мы змаглі ўсе разам сабрацца ў Варшаве на некалькі дзён, дзе вельмі прадуктыўна папрацавалі ўжывую. Аднак ільвіная доля працы цяпер таксама адбываецца і анлайн. Агулам нашыя музыкі маюць за плячыма вялікі творчы досвед, граюць і ў іншых вядомых праектах, таму да пытанняў падрыхтоўкі і арганізацыі падыходзім ужо праз прызму гэтага досведу. Якраз у такім гібрыдным фармаце мы зараз рыхтуем і новую песню.
— А пра што яна будзе? У гурта багатая гісторыя, і ён існуе шмат гадоў (UNIA утварылася ў 2006 годзе) — ці можна сказаць, што новая песня будзе адпавядаць сучаснаму светапогляду і гучанню гурта, ці гэта нешта больш стылістычна традыцыйнае?

Аляксандра Галкоўская. Фотаздымак з Instagram-старонкі гурта UNIA
Аляксандра: Гэта цалкам народная песня, вытрыманая ў нашым стылі, але і з новымі элементамі. Мы зараз толькі намацваем нашу новую музычную мову, спрабуем зразумець, як хочам гучаць сёння.
Дар’я: Яна распавядае пра дзяўчыну, пра птушку, пра жыццё і, што вельмі адгукаецца нам сённяшнім, пра змену свайго месца на жыццёвай мапе. Трэк атрымаўся лірычным, але пры гэтым больш дарослым і сталым. Спадзяюся, гэты наш першы музычны «блінчык» у эміграцыі не выйдзе камяком.
— А як пераезд і жыццё за мяжой паўплывалі на ваша асабістае адчуванне беларускага фальклору? Ці пачалі старыя песні гучаць па-іншаму?
Аляксандра: У эміграцыі яны сапраўды ўспрымаюцца як значна больш блізкія і дарагія. Калі ты быў у Беларусі, гэта ўсё было побач і прымалася як належнае. А цяпер кожная песня ператвараецца ў вельмі цёплую памяць пра Беларусь.
Дар’я: У Нідэрландах у мяне няма старых сяброў — усе і ўсё вакол новае. Калі ў такім кантэксце ты ўключаеш беларускую музыку ці спяваеш сам, прыходзіць выразнае пачуццё: ты не адзін. Гэта моцная апора, якая нагадвае, што ў цябе ёсць карані і твая аснова, дзе б ты ні знаходзіўся.
— Вы абедзве прафесійна вывучалі фальклор і маеце адпаведную адукацыю. Дзе сёння, далёка ад беларускіх вёсак і архіваў, вы бераце натхненне і новы матэрыял? Ці з’явілася цяга да нейкага канкрэтнага рэгіёна?
Дар’я: Для нас з Сашаю фальклор — гэта літаральна ўсё жыццё. Мы вывучалі яго не проста па нейкіх аўдыёзапісах у інтэрнэце, а прафесійна: спачатку ў Беларускім каледжы мастацтваў па класе народных спеваў, потым скончылі Універсітэт культуры. А ў штодзённым жыцці асабіста я — наогул пастаянна нешта напяваю. У мяне ёсць свая адмысловая «папачка», куды я збіраю цікавыя знаходкі: калі прыходзіць час нешта зрабіць, я яе адкрываю, і там — скарбы. Калі казаць пра рэгіёны, мне асабіста вельмі падабаецца Веткаўшчына, адтуль жа родам і нашая песня «Я скакала». Але ўвогуле мы не абмяжоўваемся геаграфіяй. Хутчэй, працуе прывязка да народнага календара і ўнутранага стану. Напрыклад, калі мы сустракаліся ў пачатку вясны, я дакладна адчувала, што зусім не хачу брацца за восеньскія песні — яны вельмі цяжкія, складаныя і сумныя, гэта быў бы зусім не той настрой.
Аляксандра: Так, гэта праўда. Сартаваць песні па рэгіёнах — гэта, хутчэй, справа навукоўцаў: не будзем забіраць іх хлеб.
Нашая галоўная мэта — папулярызацыя гэтай прыгожай беларускай музыкі. Яна бывае з розных рэгіёнаў, з розных месцаў, але аб’ядноўваецца яна тым, што гэта нашая агульная спадчына. У Беларусі засталося вельмі шмат такіх фальклорных дыяментаў, пра якія мала хто ведае. У сучаснай апрацоўцы яны могуць гучаць надзвычай крута, і менавіта гэта мы намагаемся данесці да слухача.
— У Варшаве сапраўды сёння шмат беларусаў, але ці чакаеце вы польскіх гасцей на беларускую музыку? Як можна прэзентаваць беларускі фолк-рок замежнікам?

Гурт UNIA. Фотаздымак з Instagram-старонкі гурта
Аляксандра: Першапачаткова, вядома, мы арыентуемся на беларускую дыяспару, бо граем сваё, беларускае. Але, мне здаецца, польскае грамадства адкрытае да нашай культуры і таксама ў Польшчы шмат фанатаў фолку — тут праходзіць шмат адпаведных фестываляў, на якіх я сама бывала. Паміж нашымі культурамі вельмі шмат кропак перасячэння, ёсць песні, якія спяваюць і тут, і ў Беларусі. Упэўнена, нашы вясёлыя рытмы не пакінуць іх абыякавымі, а мы пастараемся падрыхтаваць невялікі вітальны спіч па-польску.
Дар’я: Уся надзея выключна на Шуню і яе польскую мову! Я рэдка бывала ў Польшчы, для мяне тут пакуль усё новае, незразумелае і вельмі цікавае, таму я яшчэ не да канца адчуваю мясцовага слухача. Але я дакладна ведаю, як беларусы ў эміграцыі падтрымліваюць адзін аднаго і свае гурты. Мы ўсе тут трымаемся разам.
— У якім складзе на сцэну выйдзе UNIA і каго яшчэ мы пачуем у гэты вечар?
Аляксандра: На вакале будзем мы з Дашай. Мы вырашылі зрабіць асноўны акцэнт менавіта на жаночы вакал, хоць мужчынскія галасы таксама будуць прысутнічаць, але ў якасці гасцей.
Дар’я: У інструментальным складзе з намі застаюцца нашыя даўнія паплечнікі і прафесіяналы: за барабанамі — Павел Мамонаў, на бас-гітары — Павел Палонскі, гітары — Васіль Ярмоленка і Аляксандр Жаваранкаў. А яшчэ да нас далучыцца вядомы дудар і мультыінструменталіст Пётр Марчанка.
Аляксандра: Сцэну мы падзелім з яшчэ дзвюма класнымі беларускімі гуртамі — Kurwadziki і Chaču Mroić. Таму чакаем усіх!

Афіша канцэрта ў Варшаве
Канцэрт гурта UNIA з ўдзелам Kurwadziki і Chaču Mroić адбудзецца ў чацвер, 24 верасня 2026 года, у VooDoo Club (Warszawa, Aleja Prymasa Tysiąclecia 48A). Пачатак: а 19:00. Квіткі і дадатковая інфармацыя па спасылцы.
А. П., Budzma.org